Амаль сур'ёзна

У рэдакцыю часопіса “Маладосць” тэлефануе жанчына і просіць да апарата Алеся Камароўскага, каб спытацца пра свой матэрыял. Алесь падыходзіць да трубкі і жартаўліва кажа: “Мне казалі, што вы мяне хацелі...” На выснове гэтага і нарадзіўся верш, з якім, паважаны чытач, я цябе і знаёмлю.

 

Не у правінцыі ў газеце

Якіх мо тысячы на свеце,

А у часопісе прэстыжным

Служыў Алесь. Быў крышку рыжы,

Вясёлы нораў меў, увішнасць. –

З таго й бяда ледзь-ледзь не выйшла.

А што? – Ну, быццам, і нічога,

Ды напалохаўся нябога...

А як было? Ў часопіс мілы

Адна жанчына пазваніла,

Была таксама трошкі рыжай

І друкавалася ў прэстыжным,

Ну, ў тым часопісе сталічным,

Які штось мусіў прыпазніцца,

А ёй няймелася няйначай

Хутчэй свой твор у друку ўбачыць.

Ну, вось і звоніць. А Алесь,

Заўжды ж у клопатах увесь,

То мільгане, то раптам знікне.

І трубку ўзяў паважны Віктар,

Ды не паспеў прагаварыць

Двух слоў, а тут Алесь бяжыць,

У перамовы уступае

І гэтак хітранька пытае,

Ну. Ў той жанчыны, трошкі рыжай,

Што друкавалася ў прэстыжным:

“Ці праўду кажа Віктар-дружа,

Што вы мяне хацелі дужа?

У вас жа, ў беднае жанчыны,

Я чуў, няма свайго мужчыны

І я заўважыў (відна з боку),

Вы на мяне кідалі вокам”.

Вось так ён прама і спытаўся

І сам сабе аж засмяяўся:

Маўляў, крыху пачырваней,

Дык будзеш, мо, званіць радзей.

Ну, а жанчына, трошкі рыжая,

Што друкавалася ў прэстыжным,

Спачатку ціха так, нясмела:

“Так-так, Алесь, даўно хацела.

Пра вас я мару днём і ноччу.

І толькі гонар мой жаночы

Мне не даваў у тым прызнацца.

Цяпер жа можна не баяцца,

Калі ўжо сам ты здагадаўся

І першы мне, лічы, прызнаўся.

Што ўжо таіцца болей тут?

Вось я прыеду, і у блуд

Мы пойдзем. Я ужо ўяўляю:

Цябе я моцна абдымаю...”

Ад нечаканасці Алесь

Спацеў, барвовы стаў увесь

І моцна ў трубку закрычаў:

“Ды што вы? Я ж пажартаваў!

Я – муж узорны, слаўны бацька!

Хоць у каго вы тут спытайце!”

Ну, а жанчына, трошкі рыжая,

Што друкавалася ў прэстыжным,

Інтымна так: “У вас там люд?

Нязручна вам цяпер пра блуд?

Тады я заўтра. Ў гэта ж час.

І спадзяюся, што у вас

Старонніх, лішніх там не будзе

І мы дамовімся аб блудзе.

Цалую. Моцна абдымаю.

Цябе я ўжо амаль кахаю.

Я не змагу цяпер заснуць.

Хутчэй бы зноў твой голас чуць!”

Паклала трубку. “Ой, языча,

Я ж ведаў, ты бяду наклічаш. –

Стагнаў Алесь. – Ды гэта мне

І у жахлівым нават сне...

Не, не магло мне і прыдацца,

Што гэта цётка закахацца

Ў мяне прыдумае. Вось нумар!

Цяпер сядзі, Алесь, і думай,

Як выйсці з гэтае бяды!”

Ён выпіў мо вядро вады,

Тады ўжо дрыжыкі суняў

І прыступіў да пільных спраў.

Назаўтра, як ішоў на працу,

Падумаў: “А чаго баяцца?

Ёсць у мяне прыём такі

На нежаданыя званкі...”

Паўдня прайшло. І раптам Віктар

Да трубкі зноў яго паклікаў.

Алесь жа голасам танюткім:

“Алё! Вас слухае Анютка!

Анютка! Трапілі вы ў лазню.

Ды што вы! Я тут безвылазна

Каторы год ужо працую.

Які Алесь? Я дрэнна чую”.

Ну, а жанчына, трошкі рыжая,

Што друкавалася ў прэстыжным:

“От, жэўжык! Зноўку люду поўна?

Калі ж ты ўрэшце будзеш вольны?

Табе мо заўтра пазваніць?

Ты толькі ўсіх там разгані.

Бо за званок за гэты кожны

Плачу, мой міленькі, я грошы.

Ты ж грошы вернеш, любы мой,

Як пабяромся мы з табой?”

І зноўку з раніцы міжгорад.

Алесь са стогнам: “Вось жа гора

Сабе наклікаў ты, Алесь!”

Пад стол службовы свой залез,

Заткнуўшы вушы, там сядзеў,

Пакуль званок не адзвінеў.

Праз тыдзень з твару спаў, схуднеў.

Усе гадаюць: “Мо што з’еў?”

А неўзабаве і на працу

Зусім не стаў Алесь з’яўляцца.

Вось дзень няма. Другі. І трэці.

Ды, ўрэшце, дзе ж ён мог падзецца?

Жывога мо няма Алеся?

Палююць сёння ў нас на прэсу...

А ўчора дзіўная дэпеша

Прыйшла на прозвішча Алеся.

Мо трэба да яго дамоў

Схадзіць? Схадзі-ка ты, Казлоў!

Ты ў нас адзін тут маладзён,

Уведай, ці жывы хоць ён?

Жывы – дэпешу аддасі

І да галоўнага прасі,

Скажы: сярдуе ўжо галоўны

І лае так: “ Алесь няўлоўны!”

Ўздыхуў нявесела Казлоў,

А да калегі ўсё ж пайшоў.

Алесь сказаў: “Здароў’е дрэнь. –

І, паказаўшы білютэнь,

Як бы між іншым, запытаў:

“Мяне міжгорад не шукаў?”

“Ды не. Хіба дэпеша толькі”.

Зірнуў Алесь і аж да столі

Падскочыў з радасці. Пяе,

Пра болькі ўраз забыў свае,

Да Анатоля цалавацца:

“Ух, дзякуй, мілы, дзякуй, браце!

Вось пачытай”. Ну, той чытае:

“Алесе, я пажартавала.

Я падвяла даўно ужо рысу:

Ні рыжых не люблю, ні лысых

І ні русявых, і ні чорных,

Ну, а тым больш, мужоў узорных”.

 

Цяпер зарокся жартаваць

Так спрэс Алесь. А выбіраць:

З кім жарт дарэчы, з кім – нягожы,

А то зноў выйдзе непрыгожа.

Што ж да жанчын, да рыжых гэтых, –

Дык то ж яхідны, не кабеты.

__________

Комментариев нет

Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. Войти.
Нет ни одного комментария. Ваш будет первым!
наверх